Поиск в Google !

Поиск в Google !

воскресенье, 15 мая 2016 г.

Максім Багдановіч - сачыненне

   
Максім Багдановіч… Такі зямны і такі ўзвышаны… Паэт, чыё імя стала сімвалам гарачай юнацкай любові да Радзімы. Наш зямляк…     Максім нарадзіўся ў Мінску, потым пражыў чатыры гады ў Гродне і ў пяцігадовым узросце пакінуў Беларусь. Станаўленне Максіма Багдановіча як беларускага пісьменніка пачалося ў Ніжнім Ноўгарадзе. Росквіт творчай дзейнасці адбыўся ў іншым расійскім горадзе – у Яраслаўлі.



     Сапраўды незвычайна, што чалавек, які пражыў большую частку свайго жыцця па-за межамі Бацькаўшчыны і ў іншым моўным асяроддзі, здолеў не проста захаваць “зернейкі” роднай мовы, што трапілі яму ў душу ў дзяцінстве, але і вырасціць з іх “буйны квецень” беларускай літаратуры.
     Пражыўшы на Беларусі няпоўных пяць гадоў дзіцем, а пазней некалькі месяцаў дарослым,  лічыў гэты край, дзе навечна засталася мама, сваёй Бацькаўшчынай, якой жадаў долі і шчасця. Хоць у Расіі прайшло ўсё яго кароткае свядомае жыццё, яна для паэта заўсёды была чужынай. “Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць, / Маркотна між іх я хаджу адзінок, / Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае / Наш родны, забыты ў цяні васілёк. / “Здароў будзь, зямляча!” /  Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне: / “Ўспамянеш, мой дружа, ў багатай чужыне / Аб беднай, далёкай сваёй старане”.
     Жыццёвы лёс Максіма Багдановіча склаўся так, што яму надзвычай мала давялося павандраваць па яго роднай Беларусі. Мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю паэта, - Мінск, Ракуцёўшчына, Ратамка. Да чатырох гадоў жыў у Гродне. Колькі месяцаў, таксама дзіцем, пражыў у Вяззі (паблізу Асіповічаў). Да згаданых назваў дададзім яшчэ і Карпілаўку, сядзібу Ядвігіна Ш., куды часам ездзіў паэт.
     Запрашаю Вас, нашага земляка, у падарожжа па роднай Беларусі. І я думаю, што вы, Максім Адамавіч, прымеце маю прапанову. Вам, мне здаецца, будзе цікава прайсці па знаёмых мясцінах.
     Злятае нячутна лісце з пажаўцелых бяроз, лашчыць твар цёплы вераснёўскі вецер. І мы ідзём. Я і Максім Адамавіч. Ідзём па роднай беларускай зямлі.
      Вуліца Максіма Горкага, у час дзяцінства Максіма – Аляксандраўская… Менавіта тут, у Менску, пачаўся жыццёвы шлях выдатнага паэта свету, сына беларускай зямлі. Ідзём па драўляным мастку цераз Свіслач. Ад гэтага мастка і брала пачатак згаданая вуліца.  Родны куток Максіма Багдановіча… Роднае гняздоўе песняра красы і смутку…
      Першыя нясмелыя крокі будучага паэта ў доме ў Гародні… Ліпень 1892 года… Зачароўвае пах кветак, зеляніна саду. Часам можа падацца, што за табой сочаць цікаўныя дзіцячыя вочы. Жыццё побач з маці ў маляўнічых мясцінах Нёмана…
     Лета 1911 года… Лета 2011 года… Улетку, сто гадоў назад, Максім Багдановіч меў “вялікае шчасце” ўпершыню сустрэцца з радзімаю. Магчыма нам, нашчадкам вялікага паэта, якія жывуць ў дваццаць першым стагоддзі, не зразумець, наколькі значным для Максіма было вяртанне на родную зямлю. Далёкая і нязнаная Беларусь усё жыццё вабіла і прыцягвала паэта да сябе. Мы чамусьці, наадварот, імкнёмся як мага хутчэй пакінуць радзіму, калі надарыцца такая магчымасць… Нам не хапае духоўнай знітаванасці з роднай зямлёй.
        Летам 1911 года пашчасціла наведаць Вільню і фальварак Ракуцёўшчына. Для ракуцёўцаў гэта быў маладзенькі, хворы на сухоты паэт, які дзеля саліднасці адпускаў бараду. А для віленчукоў, дзеячаў беларускага Адраджэння, - чалавек са сфарміраванымі ў многім поглядамі, свядомы прадстаўнік нацыянальнага Адраджэння.
     Вільня – стары культурны цэнтр Беларусі, дзе паэт захапіўся і касцёлам Святой Ганны, і вулкамі Вільні, пра якія сказаў у сваіх вершах з нізкі “Места”, і Вострай Брамай. Па-вясковаму паэтычная Ракуцёўшчына… Тут натхненне “біла ключом”, як бруіла “жывая вада” ў ракуцёўшчынскай крыніцы. “Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця” – так назваў паэт гэты час.  Ідзём сцяжынкамі мемарыяльнага Максімавага саду…
    Дом арандатара, дзе жыў Максім Багдановіч… Кожны з прадметаў паасобку і ўсе яны разам ствараюць уражанне, што малады паэт пакінуў яго хвіліну назад: выйшаў на шпацыр або запрошаны да гаспадароў.
    А зараз завітаем у мінскі дом паэта. У самым цэнтры Мінска – сучаснага еўрапейскага горада – знаходзіцца драўляны дом. Чым ён адметны, чаму мы скіраваліся да яго? Гэты астравок сярод мора велічных архітэктурных будынкаў вабіць тым, што менавіта тут пасяліўся Максім Багдановіч, калі ў кастрычніку 1916 года вярнуўся ў Мінск.  Пасля цёплага прыёму ў “Беларускай хатцы” Максіма чакаў дом, дзе давялося жыць апошнія пяць месяцаў на радзіме.
    Максім прыходзіў пасля працы ў бібліятэцы ці сустрэч у “Беларускай хатцы” ў свой “абагрэты куток”… За вокнамі ўжо ноч, але паэт запальваў лямпу і пачынаў працаваць: не давалі спакою творчыя задумы і натхненне. Не давала спакою і хвароба, якая моцна сціскала грудзі.
“Сцюжа, мрок… Я ізноў хвараваты. / Ў сэрцы – думак дакучных цяжар. / Заварыць бы гарачай гарбаты, / Разагрэць бы хутчэй самавар. / Запяе ён і тонка, і ціха, / Зазіяе на спод аганьком, - / І развеецца цёмнае ліха / Над маім абагрэтым кутком”.
    Відаць было святло лямпы і ў лістападаўскую ноч у Ратамцы. Як звязана гэта цяпер ужо прыгарадная вёсачка з Максімам Багдановічам? Сорамна павінна быць нам, нашчадкам паэта, што ведаем вёску толькі дзякуючы яе конна-спартыўнай базе.  Восенню 1917 года наведаў Ратамку Максім Адамавіч. Назаўсёды запомніўся паэту канцэрт, які ладзілі дзеці з прытулку. Максіму ўсё  было цікава, усё прыцягвала  ўвагу, бо гэта была яго родная і дарагая сэрцу Беларусь.
     Нам сапраўды “хораша называцца землякамі” чалавека, які, нягледзячы на кароткае жыццё, змог змясціць у сабе цэлы свет. Паэт самаахвярна служыў сваёй радзіме як творца. Мы, нашчадкі вялікага паэта, павінны быць вартымі называцца землякамі Максіма Багдановіча.
Крочым у глыбокім роздуме… Я і Максім Багдановіч. Зусім мы розныя. Хаця… Не… Яму родная Беларусь. І мне яна таксама родная…
    Якой бы дарагой ні была для паэта родная зямля, як ні хораша было дыхаць родным паветрам, як ні цікава было з сябрамі ў клубе інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, хвароба прымусіла яго зноў пакінуць Беларусь. І не на два месяцы, як спадзяваўся паэт… Толькі сны пра радзіму, напэўна, бачыліся яму да апошняга дня жыцця ў Ялце. Паэт не здолеў вярнуцца, але дом памятае кожны момант яго жыцця тут – маўклівыя сцены ўпіталі кожны ўздых і слова Максіма Багдановіча.
“Даўно ўжо целам я хварэю, / І хвор душой, - / І толькі на цябе надзея, / Край родны мой! / У родным краю ёсць крыніца / Жывой вады. / Там толькі я змагу пазбыцца / Сваёй нуды. / Калі ж у ім умру-загіну, - / Не жалюсь я! / Не будзеш цяжкая ты сыну / Свайму, зямля. / Там хоць у гліне, хоць у брудзе, / Там, пад зямлёй, / Найдуць мае слабыя грудзі / Сабе спакой.”
     Беларуская зямля ганарыцца сваім сынам. У кожнага з нас, нашчадкаў творцы, свой Багдановіч – чалавек і паэт…

1 комментарий:

Яндекс.Метрика