Поиск в Google !

Поиск в Google !

воскресенье, 27 мая 2012 г.

«Вянок» Максіма Багдановіча

Аўтар - Уладзімір Іванавіч Куліковіч
Вянок Максім Багдановіч
Вянок

Пачаць сваё выступленне мне хочацца апошнімі прыжыццёвымі радкамі верша Максіма Багдановіча, якія ляжалі ў яго на грудзях, калі паэт адышоў у іншы свет.
У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Для любога паэта ўбачыць выдадзеным першы зборнік вершаўгэта шчасце. Што ж тады казаць пра 25-гадовага юнака, які толькі сустрэў сваю вясну кахання і якому жыццё абяцала так шмат!.. Але запаветныя мары: стварыць сям’ю, мець дзяцей ад каханай адышлі разам з паэтам у нябыт. Сімвалічна ўжо тое, што на грудзях М. Багдановіча ляжаў падарунак нашчадкам — зборнік “Вянок”...


Пры слове “вянок” узнікаюць розныя асацыяцыі: вянок нявесты, які сведчыць аб змяненні стану ў грамадстве, бо дзяўчына становіцца жанчынай; вянок, закінуты дзяўчынай на бярозу, адкуль яго зніме юнак на свята “Гуканне вясны”, ці дзявочы вянок з прыгожых палявых кветак, што імклівая плынь нясе юнаку да другога невядомага берага ў час “Купалля”. Абодва вянкі сімвалізуюць жаданне і гатоўнасць маладых стварыць сям’ю. І нарэшце жалобны вянок. Ці не сабе на магілу? Не. Максім занадта любіў жыццё, быў аптымістам…Марыў бачыць сваёй жонкай Ганну Какуеву. Больш за ўсё на свеце жадаю я, каб у мяне быў свой дзіцёнак маленькая дачушка-немаўляшка, Аня Максімаўна”.
Так атрымалася. Свой зборнік М. Багдановіча прысвяціў маладому таленавітаму паэту Сяргею Палуяну, які таксама заўчасна скончыў свой жыццёвы шлях. “Вянок на магілу С. А. Полуяна” (8 красавіка 1910 г.), указана на 1-ай старонцы зборніка. Таму структурна зборнік падзяляецца на 8 нізак вершаў: 1) У зачараваным царстве; 2) Згукі Бацькоўшчыны; 3) Старая Беларусь; 4) Место; 5) Думы; 6) Вольныя думы; 7) Старая спадчына; 8) Мадонны.
Назва “У зачараваным царстве”, якую паэт даў 1-му цыклу, дакладна раскрывае яго асаблівасці. Мы сапраўды знаходзімся ў “зачараваным царстве”, дзе рэальнасць і выдумка цесна пераплятаюцца. Пабудаваны цыкл на матывах язычніцкай міфалогіі старажытных беларусаў. Чытаеш гэтыя вершы і перад табой як бы паўстае беларуская зямля са сваім хараством і таямніцамі, старымі барамі, цёмнымі пушчамі з адвечным гаспадаром лесуном, глыбокія вадаёмы з уладаром вадзянікам і дочкамі русалкамі.
Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай,
І гадамі грэюсясплю на дне ракі.
Твар травой аблутана, бытчым павучынай,
Засыпаюць грудзі мне жоўтые пяскі.
(З верша “Вадзянік”)
У лірыцы Багдановіча вялікая колькасць лесуноў, вадзянікаў, русалак, ёсць “пан Падвей”, змяіны цар і іншыя героі беларускай міфалогіі. Заўважым, амаль усе міфалагічныя героі апанаваны безнадзейным сумам, безвыходнасцю:
Брыдзець, пахіліўшысь панура,
Лясун на раздоллі дарог.
Абшарпана старая скура,
Зламаўся аб дзерава рог…
Спяшыць ён дайсці да трасіны:
Таммяккія, цёплыя мхі.
А тут толькі плачуць асіны
Ды б’юцца галіны альхі.
Час быў няўстойлівы, грамадства настроена песімістычна пасля паражэння 1-ай рускай рэвалюцыі.
М. Багдановіча першым з паэтаў прынёс у беларускую літаратуру лірыку кахання. Шэдэўрам з’яўляецца раманс “Зорка Венера”, размешчаны як ні дзіўна, у канцы 1-га цыкла “У зачараваным царстве”. Музыку раманса напісаў Сымон Рак-Міхайлоўскі, беларускі педагог і публіцыст.
Гэты верш М. Багдановіча прысвяціў Ганне Какуевай, сястры таварыша па гімназіі, з якой паэт сябраваў у Яраслаўлі. Аднойчы, даведаўшыся, што да Ані заляцаецца яе былы аднакласнік Іван Лілееў, Максім увесь вечар правёў на прыстані, углядаючыся ў зорнае неба: яму здавалася, што Аня ў гэты час таксама шукае іх любімую зорку і не можа не адчуваць, што і ён глядзіць на Венеру. Успомніўшы 1-ы вечар у Какуевых, Аню, якая грала для яго… і Венеру…Любімая зорка ўзышла, каб асвяціць чароўным святлом. У гэты ж вечар Максім напісаў раманс.
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
У вершы апаэтызавана моцнае прыгожае пачуццё, якое робіць чалавека духоўна багатым. Каму б ні былі прысвечаны гэтыя высокія радкі, імя якой жанчыны ні згадвалася б за імі, істотна адногэта сімвал узвышаных пачуццяў.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
У сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Верш напоўнены радасцю і светлым сумам, бо маладым людзям неабходна развітвацца. Але і ў расстанні, у далёкім краі, куды ён едзе, відаць, не па сваёй волі, будзе свяціць яму іх зорка. Хлопец упрошвае сваю дзяўчыну берагчы каханне, не забыцца на зорку:
Глянь іншы раз на яе,у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе.
У цыкле “Згукі Бацькаўшчыны” размешчаны сумныя вершы на тэму кахання і прадчуванне блізкай смерці.
Не кувай ты, шэрая зязюля,
Сумным гукам у бары;
Мо і скажаш, што я жыці буду,
Але лепш не гавары.
Ведаючы пра невылечную хваробу, сухоты, якая ўсё часцей і часцей нагадвае пра сябе, паэт просіць зязюлю прылятаць на яго магілу і куваць, як у бары. Паэт блізка знаёмы з народнымі песнямі. Вершы “Уся ў слязах дзяўчына”, “Не кувай ты, шэрая зязюля”, “Ян і маці” іншыяудалая стылізацыя пад фальклор.
Амаль усё сваё свядомае жыццё М. Багдановіча правёў у Расіі, далёка ад радзімы. У 1911 годзе хворы паэт з волжскіх краёў упершыню накіраваўся на радзіму, у край васільковых палёў, дзе асабліва блакітнае неба і асабліва буйныя зоркі… Пры гэтым ён атрымаў ліст, у якім супрацоўнікі “Нашай нівы” абяцалі даць хлопцу прытулак у вёсцы, у сухой мясцовасці з густым хвойным лесам.
Дваццацігадовы выпускнік Яраслаўскай гімназіі М. Багдановіча прыехаў у Вільню – цэнтр Літвы і Беларусі. Правёўшы тут некалькі дзён, амаль 2 месяцы жыў у фальварку Ракуцёўшчына, што недалёка ад Маладзечна. Дні вясковага жыцця абагацілі паэта шматлікімі назіраннямі, цікавымі сустрэчамі з простымі працоўнымі людзьмі. Менавіта там нарадзіліся цудоўныя творы з цыклаў вершаў “Старая Беларусь”і “Места”
Як высока ўздымаецца паэтычны талент М. Багдановіча у цыклах”Старая Беларусь “ і “Места”. Пра Беларусь паэт шмат ведаў ад бацькі, вопытнага этнографа, ад родных цётак, якія ў Ніжнім Ноўгарадзе стварылі невялікую “беларускую калонію”, ад гімназічных настаўнікаў Кабанава і Белавусава, нарэшце з дзясяткаў кніг, бо ўжо ў старэйшых класах паэт чытаў “Нашу ніву”, іншыя беларускія выданні.
І вось гэтыя ўражанні накладваюцца на ўбачанае, адчутае ім на роднай зямлі. Захапленне радзімай, яе гісторыяй, старажытнай культурай узмацняецца. Таму нібы аглушальны выбухвершы “Слуцкія ткачыхі”, “Летапісец”, “Кніга”. Хто з нас не памятае са школы дзівосных радкоў з верша “Слуцкія ткачыхі”?
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
Слуцкія паясы ён упершыню ўбачыў у музеі Івана Луцкевіча. І наступіла паэтычнае азарэнне. Калі тут, на зямлі беларускай, людзі здольны стварыць хараство, то гэты край выдатны і таленавіты. Паэт ведаў, што паясы ткалі пераважна мужчыны, для гэтага некаторых пасылалі вучыцца рамяству ў Персію. Але ён дзеля паэтычнай ісціны, якая глыбей за рэальны факт, ігнаруе гэту акалічнасць.
Для мяне кросны і ткацтва ўвасабляліся заўсёды з жанчынай, бо яшчэ ў маленстве доўгімі зімовымі вечарамі назірала, як пад злую песню завірухі за акном, ціха спяваючы, ткала бабуля дзівосныя ручнікі і дываныпасаг унучцы на вяселле. Таму мяне больш за ўсё ўразіла, што слуцкія паясы ткалі ў асноўным мужчыны.
У цыкле “Место” Максім апаэтызаваў вуліцы Вільні, вобразнай мовай перадаў сваё ўражанне аб сталіцы ВКЛ.
Глыбінёй любові да спакутаванай Беларусі і спачуваннем народу прасякнуты нізкі вершаў “Думы” і “Вольныя думы”.
Краю мой родны! Як выкляты Богам—
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты… Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.
Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сціскаюцца грудзі!
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі
Усюды панурыя людзі…
З верша “Краю мой родны! Як выкляты Богам…”
Адкрываецца цыкл “Думы” вершамі, напісанымі на смерць Сяргея Палуяна і Каруся Каганца, таксама шмат разваг аб няўхільнасці блізкае смерці.
Нізка “Старая спадчына” заварожвае мноствам класічных паэтычных жанраў, якія М. Багдановіч пазычыў у антычнай літаратуры і перанёс на беларускую глебу, такім чынам узбагаціўшы беларускую літаратуру новымі для яе жанрамі. Тут сустракаем санеты і трыялеты, рандо і актавы, таксама тэрцыны і пентаметры. Далей змешчаны пераклады вершаў з іншых моў.
Узрушвае заключная нізка “Мадонны”, прысвечаная ўсім дзяўчатам, будучым матулям. Тут змешчаны паэмы “У вёсцы” і “Вераніка”.
Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці
І душы мацярэй нас могуць чараваці.
З паэмы “У вёсцы”
А натхніла М. Багдановіча на стварэнне гэтай нізкі рафаэлеўская “Мадонна”, як гаварыў Максім Луцкевічу Антону Іванавічу, супрацоўніку газеты “Наша ніва”, што, схіляючыся перад жанчынай, мужчына думае ці пра цнатлівую прыгажосць яе, ці пра мацярынства, якое даруе жыццё… Але Рафаэль, імкнучыся стварыць вобраз вышэйшай прыгажосці, у 1-ой асобе аб’яднаў рысы цнатлівасці і мацярынскай прыгажосці, бо жанчына без дзіцяці, што колас без зерня. Але калі пачуцці мацярынства сустракаюцца ў дзявочых рысах, яны здзіўляюць невыказна .Спалучэнне гэтых рыс Максім бачыў у Ганне Какуевай.
На самай прыгожай ноце абарвалася песня паэта, які адышоў ад нас так рана, але так неабдымна многа зрабіў для ”Беларусі-зараначкі”, як назваў ён сваю радзіму ў адным з перадсмяротных накідаў. Беларусі засталася спадчына яго жыццесцвярджальная паэзія.
Слова “зорка” стала сімвалам яго паэзіі. Ён пакінуў нас вельмі маладым, але яго талент, як зорка яркая, свеціць людзям, дорыць нам “светлыя згадкі”, будзіць у нашых сэрцах пачуццё прыгажосці, любоў да роднай Беларусі, да чалавека.
Да родных ніў, у беларускі край,
Дзе сэрцу мілымі ўсе хаты сталі,
З чужыны йшоў ты ў Бацькаўшчыны далі,
А ў 25 сказаў сваё “бывай!”.
Зярняткі, што з “Вянка” ў бліскучы май
У гаду сямнаццатым у зямлю ўпалі,
Не згінулі—а песняй загучалі:
У душы народа ўзняўся ўраджай.

Ты ў Мінску зноўадроджаным, зялёным:
Табе вянок, сялянкаю спляцёны,
Мілей быў за лаўровыя вянкі.
“Ткачыхі слуцкія” свайму паэту
На поясе слязінкі-васількі
Навечна ў бронзе выткалі за гэта.
Леанід Зубараў

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Яндекс.Метрика